Падарожжа ў Гомель

Создано: 21.05.2019

Цудоўны парк у кіпені лістоты…
Палац зайздросны… Праз вякі пашана
Дайшла да нас і дойдзе да ўнукаў.
Цудоўны парк у кіпені лістоты…
Генадзь Говар

У гэтыя выхадныя вучні 6”В”, 7 ”Б”, 7 “В” разам са сваімі класнымі кіраўнікамі наведалі цудоўны горад на рацэ Сож. Гомель – адзін са старажытных і прыгожых абласных цэнтраў нашай краіны. Горад раскінуўся на берагах ракі Сож. У час экскурсіі вучні даведаліся шмат з гісторыі Гомель, пазнаёміліся з яго помнікамі архітэктуры і мастацтва, прайшліся па вялікіх і малых плошчах горада.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры Беларусі. Сёння ўнікальны музейны комплекс у цэнтры Гомеля аб'ядноўвае палац Румянцавых і Паскевічаў, капліцу-пахавальню, зімовы сад, аглядную вежу, цудоўны старадаўні парк. У наш час былая рэзідэнцыя арыстакратаў у Гомелі – адзін з найцікавейшых і найбольш наведвальных музеяў Беларусі, буйны гісторыка-культурны і асветніцкі цэнтр.

Першы паверх цэнтральнай часткі палаца – гістарычная рэканструкцыя памяшканняў дваранскага маёнтка. Як і раней, тут размешчаны Калонная зала, Белая гасціная, Чырвоная гасціная, зала ўрачыстых прыёмаў (былая "залатая сталовая").

 

Сёння гэтыя залы – не толькі частка экспазіцыі, але і месца правядзення баляў і канцэртаў, сустрэч і перагавораў з удзелам першых асоб дзяржаў. У Гомельскім палацы часта праходзяць выстаўкі (карцін і іншых прадметаў мастацтва, фатаграфій), цікавыя адукацыйныя праекты.

Асабліва ўражвае наведвальнікаў найпрыгажэйшы пейзажны парк комплексу, які змясціўся на ўзбярэжжы ракі Сож. У наш час тэрыторыя гэтага помніка прыроды складае каля 18 га, дзе цудоўным чынам жывуць у суседстве 3187 дрэў 84 відаў і больш 3500 кустарнікаў 79 відаў. На сённяшні дзень многія дрэвы дасягнулі ганаровага ўзросту. На тэрыторыі помніка растуць 2 дубы, узрост якіх складае каля 200 гадоў. А як можна прайсці міма Лебядзінага возера ці хуткаплыннага ручая?..

Шмат станоўчых эмоцый і цудоўных успамінаў пакінуў горад Гомель нам, сваім наведвальнікам. Дзякуй за гасціннасць, Горад Гомель!

Класныя кіраўнікі 6 “В”, 7 “В”, 7 “Б”:Акуліч А.В., Арлова А.Г., Прасаловіч Н.Л.

Просмотров: 1591