15 кастрычніка – 70 гадоў з дня нараджэння Аляксея Якімовіча

Создано: 09.10.2019

Аляксей Мікалаевіч Якімовіч нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Слонімскага района. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, Аляксей Якімовіч звязаў далей жыццё з педагогікай, паспрабаваўшы сябе ў розных іпастасях – і настаўніка, і дырэктара школы, і выхавальніка групы падоўжанага дня… Таму відавочна, што зварот пісьменніка да дзіцячай літаратуры лагічны і заканамерны.
З 2008 года – член грамадскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Працуе ў галіне дзіцячай і дарослай прозы, дзіцячай і дарослай драматургіі, займаецца падрыхтоўкай метадычнайц літаратуры для настаўнікаў і бацькоў.

 

Першая яго кніжка – “Гордзіеў вузел, альбо Невыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі”. У аповесці разгортваецца карціна жыцця класнага калектыву. Настаўнік, які карыстаецца заслужанай павагай у сваіх выхаванцаў, здолеў арганізаваць падлеткаў у сапраўдную дружную каманду. Але як вядома, да ўсіх адразу не заўсёды мажліва знайсці свой “ключык”. Сюжэт твора не толькі дынамічны і захапляльны, але і надзвычай спазнавальны – па ходзе дзеяння ў аповесць ўводзіцца шмат цікавых звестак і фактаў: міфы і легенды Старажытнай Грэцыі, інфармацыя пра кітайскае пісьмо, славянскую азбуку, тлумачэнні шматлікіх фразеалагізмаў, крылатых фраз і моўных выразаў з пераносным значэннем і яшчэ шмат іншай карыснай інфармацыі. школьнікам.

Пошук неардынарных сюжэтаў, прывабных для школьнікаў, вымушае пісьменніка звярнуцца да жанру фантастыкі. Так, у аповесці “Эльдарада просіць дапамогі” паказаны прыгоды вясковых вучняў, якім выпала весці барацьбу з сапраўднай злачыннасцю. Экзатычная фактура твора – вандроўка на незвычайным лятальным апараце ў джунглі, у краіну Эльдарада, якую захапіў вучоны-зламыснік, – нязмушана дэманструе каштоўнасць самых разнастайных ведаў.

Кніга “Пастка для пярэваратня” Аляксея Якімовіча яшчэ раз засведчыла шырокі дыяпазон творчых пошукаў аўтара. Аповесць расхінае для падлеткаў старонкі беларускай гісторыі, знаёміць з падзеямі XVI ст., што адбываліся на Панямонні. Акрямя захапляльных прыгодаў у аповесці шмат цікавых звестак, этнаграфічных фактаў і дэталяў. У змест твора ўвайшлі дэталёвыя расповеды, як спраўлялася вяселле, як выпякаўся вясельны каравай, як адзначалася Купалле, як сяляне ўпрыгожвалі “бажкоў”, ад якіх, лічылася, залежыць дабрабыт у хаце і ўдача ва ўсіх справах. Заінтрыгаваўшы ў першых раздзелах твора “ператварэннем” – загадкавай “цёткай з чорнай барадой”, – аўтар трымае ўвагу чытачоў на працягу ўсяго сюжэта, адкрываючы таямніцу толькі ў фінале.

Просмотров: 1196