Згукі Бацькаўшчыны

Усё знікае, праходзіць, як дым,
Светлы ж след будзе вечна жывым.
М. Багдановіч

Конкурс выразнага чытання “Згукі Бацькаўшчыны”, які прайшоў сярод вучняў 10 і 11 класаў у адзіны дзень беларускага маўлення 2 снежня, вельмі ўразіў слухачоў і журы  разнастайнасцю тэматыкі вершаў Максіма Багдановіча,  іх дзіўнай пазітыўнасцю. Як вядома, жыццё для Максіма Багдановіча заўсёды было першаснай з’явай, мастацтва – другаснай. Прыгожае – у жыцці,  прыгожае – жыццё. Таму і сказаў класік, што “пекна спяваюць і жабы”.

Максім Багдановіч – вельмі шматгранны паэт. Яго творчасць уяўляе сабой энцыклапедыю чалавечага жыцця. I перш за ўсё — унутранага, духоўнага. Багдановіч захапляўся вечнымі, філасофскімі тэмамі жыцця і смерці, узаемаадносінаў чалавека з прыродай, дабра і зла, з найвялікшым майстэрствам паказваў жывую, адухоўленую прыроду, захапляўся жаноцкай прыгажосцю і гармоніяй узаемаадносінаў паміж людзьмі.  Максім Багдановіч нязменна верыў у лепшую будучыню свайго краю і народа.

Вершы Максіма Багдановіча кожны чытае і ўспрымае па свойму, бо ў кожнага з нас, нашчадкаў творцы, свой Багдановіч – чалавек і паэт…

Старонкі вуснага часопіса “Знаёмыя і незнаёмыя пісьменнікі” сёння былі прысвечаны выдатнаму земляку – Аляксею Васільевічу Пысіну.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Прасаловіч Н.Л.

Просмотров: 1134