Да 115 годдзя з дня нараджэння Алеся Якімовіча

Создано: 17.01.2019

17 студзеня 2019 года – 115 гадоў з дня нараджэння Алеся Якімовіча, паэта, празаіка,  перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1968), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР  (1974).

Алесь Іванавіч Якімовіч нарадзіўся 17 студзеня 1904 года ў сялянскай сям’і. У 1926 г. скончыў Беларускі  педагагічны тэхнікум, у 1930-м – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дэбютаваў у друку ў 1923 г. у часопісе “Маладняк”, стаў сябрам гэтага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Пісаў пераважна для дзяцей. Першая кніжка “Вершы” (1925). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей: “Гул бубна”» (1925), “Перамога” (1932), “Незвычайны мядзведзь” (1934), “Выпадак на чыгунцы” (1938), “Помета” (1946), “Сябры” (1948), “Аповесці і апавяданні” (1949), “Гаворыць Масква” (1951), “Арляняты” (апавяданні, аповесці, казкі, 1952), “Я — юны піянёр” (1952), “Базылёў курган” (1954), “Новы год” (1958), “Смелыя людзі” (1960).

У апрацоўцы Алеся Якімовіча выйшла шмат беларускіх казак як асобнымі выданнямі, так і зборнікамі: “Каток — залаты лабок” (1955), “Бацькаў дар” (1957), “З рога ўсяго многа” (1959), “Андрэй за ўсіх мудрэй” (1983). Таксама А. Якімовіч сааўтар “Чытанкі” для 2-га класа (з Е. Тародкінай, 1933), аўтар падручніка “Роднае слова” для 2-га класа (1932), кніг для чытання “Слухай — запамінай: Азбука ў вершах і малюнках” (1948), “Звяры нашых лясоў” (1951).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, П. Яршова, І. Крылова, І. Тургенева, Д. Маміна-Сібірака, Л. Талстога, А. Чэхава, Ул. Маякоўскага, М. Горкага, К. Чукоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Гайдара, М. Носава, І. Франка, М. Рыльскага, П. Тычыны, Н. Забілы, Х.К. Андэрсена, Дж. Лондана, Г. Мапасана і інш.

Просмотров: 887