Да юбілею Анатоля Сямёнавіча Грачанікава

Создано: 06.09.2018

У беларускай літаратуры, напэўна, няма такіх пісьменнікаў, у творах якіх не знайшлося хаця б некалькіх радкоў-прызнанняў у шчырай любові да бацькоўскай зямлі, адданасці і вернасці ёй. Не з’яўляецца выключэннем і творчасць Анатоля Грачанікава, які быў адданы зямлі, якая яго ўзрасціла – роднаму Палессю.

Вершы А. Грачанікава вызначаюцца свежасцю i дакладнасцю паэтычнай думкі, глыбокім лірызмам i эмацыянальнасцю. Гэта — усхваляваная споведзь нашага сучасніка, які Пільна услухоўваецца у шматгалосае жыццё, імкнецца праўдзіва адлюстраваць яго у пранікнёных паэтычных радках.

Героі вершаў А.Грачанікавва адмаўляюць лёгкае “латарэйнае” шчасце, матэрыяльны дабрабыт, яны не імкнуцца ўзвысіцца за кошт іншых, задавальняюцца малым у тым, што тычыцца цялесных патрэбаў, і кіруюцца прынцыпамі максімалізму ў духоўным плане.

 

Прырода ва ўяўленні паэта – гэта “сусвет дабрыні”, дзя ўсё ўзаемаабумоўлена і звязана адзінай повяззю – зоркі, хмары, рачулка, дрэвы, птушка, звер, чалавек, яго душа. І калі выпадае, парушаецца хоць адно звяно ў гэтым спрадвечным ланцугу, знікае гармонія і цэласнасць свету. Таму паэт імкнецца ўлавіць і затрымаць тыя зорныя шчаслівыя імгненні, калі адчуванне гармоніі са светам асабліва моцнае і ўсеабдымнае. Калі “начная шматгалосся цішыня зямлю пяшчотна паміж зор люляе” і “вечнасць, ападаючы на дол быцця зямнога запаўняе соты”, калі чалавек “выспяляе без паспешнасці сузор’і і дум, любоў і гнеў”.

Вельмі значнай у творчасці Анатоля Грачанікава з’яўляецца тэма Радзімы, яе мінулага, гісторыі. Так, у яго вершах знаходзім разнастайныя сімвалы - рэчы, успаміны, што паказваюць на значнасць паняцця родных мясцін для яго творчасці. Своеасаблівым захавальнікам народнай памяці, незвычайнымі і загадкавымі помнікамі мінулых дзён паўстаюць у яго творчасці курганы, якія часам пачынаюць гаварыць, расказваць. Вядома, паэт вельмі перажывае любыя страты народнай памяці, забыццё таго, што ранейбыло блізкім і родным.

Творы Анатоля Грачанікава перакладаліся на дваццаць адну мову свету, у тым ліку на англійскую, французскую, польскую, балгарскую, венгерскую, вьетнамскую, і на мовы былога Саюза, што сведчыць пра вялікую папулярнасць паэта і далёка за межамі рэспублікі. На яго вершы напісана нямала выдатных песень.

Просмотров: 1837