Запрашаем у беларускую хату

Создано: 03.05.2019

Хай будуць сцежкі невядомы
І гору і бядзе ў той дом,
Што мы завём бацькоўскім домам,
Што хатай матчынай завём.
Рыгор Барадулін

У хатах беларусаў спрадвеку прыемна пахла свежым хлебам, напаленай печкай. Сялянскі дом ніяк нельга ўявіць без печкі, у якой патрэскваюць і страляюць чырвонымі вугельчыкамі дровы…

Беларусы сваю хату нярэдка называлі хаткай, хацінкай — і не таму, што яна была малой па памерах, а таму, што так, памяншальна-ласкальна, хацелі выказаць свае сардэчныя адносіны да асяродку. Пра хату народ складаў прыказкі, прымаўкі. Напрыклад, такія: дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена; свая хатка — як родная матка; мая хата з краю — нічога не знаю... І, канешне ж, адна з форм ветлівага запрашэння — “Чым хата багата!”.

Вучні дзявятых класаў паспрабавалі расказаць пра беларускую хатку з кропкі погляду сучаснасці і стварыць свой літаратурны нарыс “Запрашаем у беларускую хату”. Дзевяцікласнікі зрабілі экскурс у гісторыю і паведалі пра ўжытак у гаспадарцы калаўрота, праса, сявенькі, ручніка, гарлача, гладыша, а таксама прапанавалі, якім чынам можна скарыстаць некаторыя старажытныя рэчы у кватэры ў адпаведнасці з іх прызначэннем.

Шмат цікавага адкрылі для сябе ўдзельнікі віктарыны “Моўныя залацінкі”. Вучні паказалі свае веды мовазнаўцаў: з зацікаўленасцю знаходзілі і выпраўлялі памылкі, стваралі і перакладалі словазлучэнні, адшуквалі значэнне малавядомых слоў і фразеалагізмаў.

02.05.2019г.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Прасаловіч Н.Л.

Просмотров: 2294