Адзенне беларусаў

Адзенне з ‘яўляецца адной з важненшых састаўных частак матэрыяльнай культуры народа і цесна звязана з умовамі яго жыцця.

У беларусаў, якія з даўніх часоў займаюцца земляробствам і развядзеннем хатняй жывёлы, асноўнай сыравінай для адзення са старажытнасці і амаль да нашага часу былі валокны ільну, канапель, скура і воўна жывёл.

На сваіх палосах сяляне вырошчвалі лён, каноплі, апрацоўвалі іх: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Увесь працэс апрацоўкі сыравіны ад пачатковых стадый да вырабу гатовых прадметаў адзення праходзіў у хатніх умовах. У хатніх умовах афарбоўвалі ніткі і тканіны, а таксама апрацоўвалі воўну і скуру, з якіх шылі верхняе адзенне, галаўныя ўборы, некаторыя віды скуранога абутку. Толькі для вырабу верхняга адзення і галаўных убораў прыбягалі да краўцоў-спецыялістаў, якія вандравалі ад вёскі да вёскі ў вольную ад сельскагаспадарчай працы пару года. Усё астатняе адзенне, жаночае і мужчынскае, шылі самі сялянкі - вялікія майстрыхі ў гэтай справе. У наш час даводзіцца здзіўляцца майстэрству і вытрымцы беларускіх жанчын, якія рабілі ўсё ўручную.

У парэформенны перыяд значная частка сялянскіх гаспадарак захавала паўнатуральны характар і працягвала вырабляць даматканіну. Ужыванне ж даматканіны ў сваю чаргу садзейнічала захаванню традыцыйных відаў і крою народнага адзення.

У канцы XIX - пачатку XX ст. у сувязі з развіццём капіталізму і пранікненнем яго ў гаспадарчую вытворчасць і сялянскі побыт адбыліся значныя змены ў народным адзенні. Адыходніцтва, рост класавай дыферэнцыяцыі сялянства ў вялікай ступені садзейнічалі гэтаму. У заможных сялян паяўляецца адзенне з куплёных тканін, пашытае па гарадскому ўзору. Куплёныя галаўныя ўборы і абутак таксама змянілі агульны выгляд традыцыйнага касцюма. М. В. Доўнар-Запольскі, які наведаў у канцы XIX ст. Дзярновіцкую воласць Рэчыцкага павета, быў вельмі здзіўлены тымі вялікімі зменамі, якія ён убачыў у адзенні насельніцтва гэтага параўнальна глухога кутка Беларусі. Ён пісаў: "Але ў Дзярновіцкай воласці жаночае ўбранне зусім такое, якое носяць у гарадах жанчыны рабочага класа: паркалёвая спадніца і кофта, на галаве паркалёвыя хусткі з бледнымі дробнымі кветкамі, павязаныя пад падбародак. Лапцей жанчыны не носяць зусім".

Змянілася не толькі якасць тканіны, але і яе расфарбоўка. У каляровай гаме традыцыйнага народнага беларускага адзення здаўна пераважаў белы колер (белае палатно, белае сукно). У другой палавіне XIX ст. тканіны хатняга выбару сталі афарбоўваць у розныя колеры - жоўты, карычневы, ружовы. Каляровым рабіўся толькі ўток, тады як аснова заставалася часцей белай, таму тканіна чыстага тону не атрымлівала.

З 30-х гадоў XIX ст. сталі ўжываць набойкі і сіненне палотнаў і хатняга сукна. К сярэдзіне XIX ст. сіненне ў радзе месц паўночна-ўсходняй Беларусі стала ўжо шырока вядомай з'явай. Сіненнем і набойкай займаліся спецыяльныя сінілынчыкі, якія вандравалі па вёсках з неабходнымі прыладамі вытворчасці. Куплёныя тканіны - папяровы міткаль, паркаль, кашамір і інш.- былі часцей за ўсё чырвонага колеру розных адценняў.

З  афарбаваных даматканых каляровых тканін выраблялі звычайна толькі спадніцы і безрукаўкі, тады як кашулі заўсёды былі белага колеру - колеру натуральнага палатна. Гэта асаблівасць адрознівала беларускі жаночы касцюм ад рускага. у якім кофты шылі з куплёнага кумачу або афарбаваных тканін хатняга вырабу.

Просмотров: 7642