Жаночая кашуля
У беларускай жаночай кашулі ў XIX- пачатку XXст. пярэдняе і задняе палотнішчы на плячах злучаліся з дапамогай палікаў - прамавугольных уставак. Гэтыя ўстаўкі былі звычайна з таго ж самага палатна і прышываліся адным вузкім канцом у прызбораным выглядзе да каўняра, а другім, процілеглым - да верхняй часткі рукава. Палікі ў беларускіх кашулях, як у паўночнарускіх і часткова ўкраінскіх, да полак кашулі прышываліся па ўтку.
Жаночая кашуля з палікамі ва ўсіх трох усходнеславянскіх народаў з'яўляецца старажытнай формай адзення. Па сцвярджэнню даследчыкаў, устаўкі на плячах і сабраны ў шыі каўнер адрознівалі славянскія кашулі ад кашуль фіна- і цюркаязычных народаў.
Кашуля з палікамі шылася з хатняга палатна з дзвюх, трох, чатырох полак. Колькасць полак вызначалася шырынёй палатна, якая на Беларусі вагалася ад 38-40 да 62-70 см. Пры кроі ў тры полкі трэцяя звычайна прыходзілася на адзін з бакоў. У кашулі з чатырох полак дзве ішлі пасярэдзіне - адна ззаду, другая спераду, а дзве - па баках. Часцей за ўсё кашулі шыліся з дзвюх шырокіх полак, а на баках устаўляліся нешырокія кліны.
Вельмі распаўсюджаным тыпам жаночай кашулі ў канцы XIX - пачатку XX ст. становіцца кашуля з гесткай, або на гесіцы. У такіх кашулях асноўны матэрыял - "станіна" прышываўся ўверсе да нешырокай какеткі-гесткі. Палотнішчы "станіны" пры сшыванні з гесткай збіраліся ў зборку спераду і ззаду, а іншы раз толькі спераду. Гестка мела плечавыя швы, але часта швоў не рабілі; тады матэрыял на плячах проста перагінаўся. Кашулі з гесткамі ў XIX- пачатку XX ст. часцей сустракаліся на Віцебшчыне, на поўначы Магілёўшчыны і спарадычна ў іншых раёнах Беларусі, а таксама за яе межамі. Найбольш просты тып крою - тунікападобны для жаночай беларускай кашулі другой палавіны XIX - пачатку XX ст. не быў характэрны. Па сцвярджэнню беларускіх сялянак, гэты тып крою ў некаторых месцах паявіўся толькі тады, калі кашуля стала сподняй бялізнай. Але ў радзе месц паўночна-заходняй Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Навагрудскі, Лідскі, Ваўкавысм раёны Гродзенскай вобласці, Мядзельскі, Вілейскі Мінскай, Полацкі, Верхнядзвінскі, Расонскі раены Віцебскай вобласці) тунікападобная кашуля не мела ў мінулым паліковых папярэднікаў. Гэту з яву часткова можна растлумачыць тым, што тут кашуля вельмі даўно стала споднш адзеннем. Пэўную ролю ў гэтым адыгралі пазнейшыя ўзаемасувязі культуры беларусаў з культурай суседніх народаў Прыбалтыкі. Магчыма, уплывам прыбалтыйскіх народаў (латышоў, літоўцаў) тлумачыцца і шырокае распаўсюджанне ў паўночнай Беларусі (на Віцебшчыне) жаночай кашулі з "прырамкамі", г. зн. з прамавугольнымі палатнянымі нашыўкамі на тунікападобнай аснове. Па сцвярджэнню даследчыка латышскага народнага адзення М. Славы, "туніка-падобная кашуля з нашытымі наплечнікамі з'яўляецца самым распаўсюджаным у Прыбалтыцы відам кашулі.
Станіна, палікі, гесткі з'яўляюцца асноўнымі канструктыўнымі часткамі кашулі, якія аб'ядноўваюць у адно цэтае ўсе астатнія і вызначаюць тып адзення. Але, апрача асноўных, у кашулі ёсць цэлы рад дэталей, якія і надаюць адзенню пэўны закончаны вобраз.
Неабходнай часткай не толькі беларускіх кашуль, але і кашуль іншых усходнеславянскіх і прыбалтыйскіх народаў з'яўляецца не вельмі шырокі, даўжынёю да кісці рукаў. Пры сшыванні яго са "станінай" для расшырэння проймы амаль заўсёды ўстаўляліся квадратныя кавалкі тканіны (цвікля, падпашнік, падручнік, ластавіца і інш.).
Найбольш характэрнымі для беларусаў былі рукавы з манжэтамі - каўнерцамі, чэхлікамі - вузкімі двайнымі палоскамі з той жа тканіны або шырокай "манкетай", "брызуляй", да якой часта прышываліся карункі. Рукавы без манжэт характэрныя для паўночных раёнаў Мінскай вобласці; у іншых жа месцах толькі рабочыя кашулі шылі без манжэт.
У беларускай жаночай кашулі пераважаючым тыпам каўняра быў стаячы нешырокі (2-3 см). Такі каўнер зашпільваўся на 2 гузікі спераду або збоку. Адкладныя каўняры былі шырокія і часцей за ўсе зашпільваліся на запінку-шпонку або сцягваліся стужкай - "спулечкай", "жычкай" - з каляровай тканіны. Жычка прадзявалася ў дзіркі, якія праразаліся на абедзвюх полках ля шыі.
Распаўсюджанне розных тыпаў каўняра ў Беларусі было нераўнамерным. У Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях пераважаў адкладны каўнер. Вузкі стаячы каўнер панаваў у Гомельскай і Мінскай абласцях. У іншых месцах сустракаліся абодва тыпы.
Кашулі са стаячым каўняром, акрамя беларусаў, вядомы былі рускім, украінцам, а таксама латышам, літоўцам і эстонцам .
Кашулі з адкладным каўняром сустракаліся ў разанскіх, тамбоўскіх, варонежскіх аднадворцаў, дзе іх, заўсёды насілі з паласатай спадніцай тыпу беларускага андарака. Гэтыя абставіны прывялі да вываду, што шырокі адкладны каўнер паявіўся пад польскім упывам, таму што аднадворцы (дробная шляхта) успрынялі шмат чаго з польска-літоўскай культуры. Яна пісала: "Наяўнасць андарака і адкладны каўнер я лічу адной з груп гэтага ўплыву".
З меркаваннямі, відаць, трэба згадзіцца, таму што адкладны каўнер сустракаўся і ў іншых народаў - украінцаў, літоўцаў, палякаў, якія разам з беларусамі ў пэўны час уваходзілі ў адзіную дзяржаву - Рэч Паспалітую і знаходзіліся пад уплывам агульных культурных плыней.
Трэба адзначыць таксама, што ў беларусаў шырокі адкладны каўнер часцей за ўсё сустракаўся ў тых раёнах, дзе панаваў тэрмін "кашуля", а не "сарочка", а, як вядома, тэрмін "кашуля" здаўна засвоена беларусамі ад палякаў.
Кашуля на гестцы звычайна шылася без каўняра, і вузкая абшыўка вакол шыі зашпільвалася на адзін гузік. Упрыгожанні тут размяшчаліся па краю гесткі .
Кароткія кашулі, якія пачалі насіць у канцы XIX - пачатку XX ст., шыліся часцей за ўсё на гестцы з чатырохвугольным выразам вакол шыі. Яны таксама не мелі каўняра.
Кашулі такога крою, шырока вядомыя ў паўднёвых раёнах Магілёўшчыны і Гомельшчыны, нярэдка называліся "малароскамі", што наводзіць на думку аб іх украінскім паходжанні.
Не толькі беларусы, але і іншыя ўсходнесла-вянскія народы шылі кашулі з разнаякаснага матэрыялу: верх - з больш тонкага, кужэльнага палатна, а ніз - "подтачку", "портачку" - з грубога, "зрэбнага". Выключзнне складаюць толькі паўднёва-заходнія раёны Брэсцкай вобласці, дзе і святочныя, і штодзённыя кашулі шылі з аднаякаснага палатна. Такія кашулі панавалі таксама ў заходнеўкраінскіх абласцях. Наогул жа суцэльныя кашулі з'яўляліся святочным і абрадавым адзеннем.
Даўнія жаночыя кашулі, па агульнаму сведчанню жанчын старэйшага пакалення, або зусім не ўпрыгожваліся, або ўпрыгожваліся вельмі сціпла. Разнастайныя тканыя і вышытыя ўзоры ў адзенні беларускіх сялян сталі распаўсюджвацца з другой палавіны XIX ст. Упрыгожанні ў жаночай кашулі звычайна размяшчаліся ў верхняй частцы рукава, на паліках, каўняры, грудзях і абшлагах (карта 4). Асабліва разнастайныя ўпрыгожанні на рукавах і каўняры можна растлумачыць тым, што беларусы зверху кашулі насілі безрукаўнае адзенне.
Па ўсталяванаму звычаю ў беларускіх жанчын кашулі заўседы былі карацей за спадніцу, таму ў рэдкіх выпадках сустракаліся ўпрыгожанні па яе падолу.
Яшчэ ў XIX ст. назіраліся выпадкі, калі жанчыны ў спякотныя летнія дні на жніво апраналіся толькі ў адну сарочку. Але гэта былі рэдкія выпадкі.
У пачатку XX ст. з пранікненнем у вёску гарадскіх відаў адзення зверху кашулі ў многіх месцах сталі надзяваць пашытыя з куплёных фабрычных тканін кофты-"каптаны", "блузкі", "нажуткі". Гэта прывяло да змянення традыцыйнага крою кашуль: знікаюць палікі, доўгія рукавы, каўняры, а таксама вытканыя і вышытыя ўпрыгожанні.
Жаночая кашуля на Беларусі мае некалькі назваў: сарочка, кашуля, рубаха. Тэрмін "сарочка", які пераважаў на ўсей тэрыторыі Беларусі, агульнаславянскі, прычым ва ўсіх славян абазначае адзін і той жа прадмет касцюма. Раён распаўсюджання тэрміна "кашуля" займае даволі шырокую паласу цэнтральнай Беларусі ад літоўскай мяжы на поўначы да басейна р. Прыпяці на поўдні. У старажытных беларускіх помніках пісьменнасці "сарочка" і "кашуля" ўжываюцца як сінонімы ў адным і тым жа помніку. Таксама і ў пазнейшы час у народным ужытку ў раёне распаўсюджання тэрміна "кашуля" на аднолькавых правах бытаваў і тэрмін "сарочка".
Тэрмін "рубаха" найбольш часта ўжываўся ў паўночных (Віцебшчына) і цэнтральных (Міншчына) раенах. Часам яго можна пачуць і ў іншых абласцях у дастасаванні да адзення тунікападобнага крою.
Просмотров: 3624