Галаўныя ўборы

Беларускім дзяўчатам была ўласціва агульная ўсходнеславянская прычоска, пры якой валасы зачэсвалі гладка на прамы прабор і на патыліцы запляталі ў 1–2 касы. Прычым трэба адзначыць, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі для дзяўчат не мела ніякай розніцы і значэння пляценне валасоў у 1 ці ў 2 касы. Толькі ў прыгранічных з Расіяй паветах паўночнай Беларусі (Полацкі, Верхнядзвінскі і Лепельскі) у дзяўчат пераважала прычоска ў адну касу, а на поўдні Палесся – у дзве касы. Заплеценыя ў косы валасы пакідалі звычайна свабодна звісаючымі ўздоўж спіны або абкручвалі вакол галавы ў выглядзе вянка.

Жаночыя галаўныя ўборы канца XIX– пачатку XXст. шыліся ў асноўным з фабрычных тканін з шырокім выкарыстаннем для іх аздобы стужак, тасьмы, вышыўкі. У святы дзяўчаты ў косы ўпляталі стужкі фабрычнага вырабу – «каснікі», «укоснікі», «закоснікі», «стужкі», а ў штодзённым абыходзе проста акройкі каляровай матэрыі – «плёткі», «уплёткі», «стужкі», «пахісткі». Звычайна ў касу ўпляталі па адной стужцы-касніку і толькі на Палессі па святах – адначасова па 3-5 рознакаляровых стужак. Часам касу запляталі не да канца, а пакідалі амаль напалавіну расплеценай. Відаць, гэта агульнаславянская рыса ў беларускай дзявочай прычосцы, таму што ў балгар існуе звычай таксама недаплятаць касу.       

  Мал1.

Галаўныя ўборы і прычоскі раней за ўсё падвергліся ўздзеянню гарадской моды. У пачатку XX ст. у блізка размешчаных ад гарадоў вёсках Віцебшчыны і раёнах, дзе было найбольш развіта адыходніцтва, многія дзяўчаты кос па святах не запляталі, а на гарадскі лад закручвалі валасы на патыліцы ў пучок («куклу», «куксу», «гулу») і замацоўвалі іх шпількамі або драўлянымі грэбенямі. Аднак штодзённай прычоскай і ў гэтых месцах заставалася ўсё-такі заплятанне валасоў у косы.

Мал.2   

У цёплую пару года і ў хаце дзяўчаты не насілі ніякіх галаўных убораў. Непакрытыя валасы лічыліся ў беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, адзнакай дзявоцтва. Таму такія старажытныя дзявочыя галаўныя ўборы, як вянкі, не мелі верху, а галаўныя павязкі («шырынкі», «ручнікі», «скіндачкі») у выглядзе вузкага ручніка з арнаментаванымі канцамі або налобнікам павязваліся такім чынам, што не закрывалі валасоў на макушцы. Шырыня дзявочых галаўных павязак была каля 30 см, даўжыня – 1-1,2 м. Пры павязванні яны заўжды складваліся ўдвая і завязваліся вузлом на патыліцы. У вёсцы Славань Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці «скіндачка» рабілася звычайна з кавалка белай куплёнай тканіны, да канцоў якога прышываліся рознакаляровыя стужкі.

 

У сярэдзіне XIX ст. дзявочыя галаўныя павязкі былі шырока распаўсюджаны на ўсёй Беларусі, аднак к канцу ХІХ ст. амаль поўнасцю былі выцеснены хусткамі.

У Гомельскім павеце Магілёўскай губерні ў канцы XIX ст. паверх заплеценых у косы валасоў дзяўчаты насілі складзеную па дыяганалі палоскай хустку, якую завязвалі ў выглядзе вянка з вісячымі ззаду канцамі. Такім жа чынам павязвалі дзяўчаты хусткі ў канцы XIX – пачатку XX ст. і ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. Толькі ў некаторых вёсках гэтага павета дзяўчаты ў складзеную палоскай па дыяганалі хустку ўкладалі яшчэ кавалкі кардона або лубу шырьшёй 10-15 см i памерам па аб’ёму галавы. Канцы хусткі завязвалі ззаду на вузел.

У пачатку XX ст. дзявочыя галаўныя павязкі былі распаўсюджаны толькі ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні і Бабруйскім павеце Мінскай губерні.

У вёсцы Узлогі Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (на мяжы з Расіяй) на святы дзяўчаты павязвалі «бахмару» (відаць, ад слова «бахрама») – нешырокую павязку з тонкага адбеленага палатна. «Бахмара» ўпрыгожвалася кругом невялічкімі кутасікамі («пуклямі») з чырвоных і чорных бумажных нітак і моцна крухмалілася. Яна складвалася па даўжыні ў два разы і завязвалася вакол галавы вузлом на патыліцы.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у летнюю пару дзяўчаты хадзілі звычайна з непакрытай галавой. Хусткі завязвалі толькі ў час палявых работ, каб прыкрыць галаву ад сонца, на святы і ў дарогу. У такіх выпадках складзеныя па дыяганалі хусткі павязвалі пад падбародак або вакол галавы, завязваючы канцы зверху задняга касячка хусткі (рыс. 9, г). У святы яркія каляровыя хусткі павязвалі пад падбародак, пакідаючы спераду частку валасоў адкрытай. У Гродзенскай губерні да павязаных святочных хустак дзяўчаты прымацоўвалі па 2 букеты жывых або штучных кветак.

У кан. XIX – пач. XX стст. у вёску таксама ўсё шырэй і больш пачалі пранікаць стандартныя фабрычныя вырабы. Яны пачалі выцясняць мясцовыя традыцыйныя, якія ў асноўным засталіся толькі ў сцэнічных касцюмах. У сучасны момант галаўныя ўборы шырока завозяцца і з-за мяжы, разлічаныя на ўзрост тых, хто іх будзе насіць, і на сезонны перыяд. У многіх выпадках нацыянальныя рысы ў іх цяжка адрозніць.

Мал. 3 Брыль - летні мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Вырабляўся з саломы, мятліцы, лазы,  (плеценыя, летнія), з воўны (насілісь у любы час). Палі ў брыля, звычайна, шырыней каля 4-10 см., верх у выгляддзе цыліндра, вышыней 8-10 см.

 

Магерка - гэта сярэдневекавы мужчынскі галаўны ўбор, папулярны ў 16-19 стагодзях у Беларусі. Насіўся круглый год. 

Мал.4

 

Просмотров: 3380