Фартух

Неабходнай часткай беларускага касцюма жанчын усіх узростаў у святочныя і штодзённыя дні быў фартух.

У дастасаванні да гэтай часткі касцюма на Беларусі паўсюдна існаваў тэрмін "хвартух", aтаксама старажытны ўсходнеславянскі тэрмін "пярэднік", які да гэтага часу сустракаецца таксама паўсюдна, за выключэннем рада раёнаў паўднёва-заходняй Беларусі. Тэрмін "запон" у дастасаванні да фартуха сустракаўся на параў-нальна невялікай тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Гомельшчыны 27.

Пры тыпалагічнай характарыстыцы фартухоў таксама перш за ўсё звяртаюць увагу на крой.

Для Беларусі характэрны палатняныя фартухі, замацаваныя на таліі з дапамогай завязак. У залежнасці ад шырыні палатна і старадаўняй народнай традыцыі яны шыліся з адной, дзвюх, дзвюх з палавінай, а часам з трох полак (карта 6). Зверху матэрыял фартуха дробна прызборваўся на вузенькім паяску часцей з гэтага ж матэрыялу, радзей на паўшарсцяной або шарсцяной "крайцы" (дадатак, XVIII, XIX, XX). Канцы паяска часта ўпрыгожваліся. Фартух надзяваўся зверху спадніцы. Верх яго хаваўся пад безрукаўку.

У канцы XIX - пачатку XX ст. фартухі, асабліва святочныя, шылі нярэдка з купленага каленкору. Шылі іх часцей за ўсе з даволі шырокай фальбонай (брыжамі) унізе. Па ўзору гэтых фартухоў шылі часам і палатняныя.

У Брэсцкай вобласці дзенідзе сустракаліся суконныя набедраныя фартухі-запаскі, якія ў адрозненне ад палатняных шыліся звычайна з адной полкі без зборак каля пояса. Суконныя фартухі сваей назвай, яркім колерам і паласатым малюнкам нагадвалі палеска-ўкраінскія тыпы.

Фартухі тыпу тунікападобнага нагрудніка з кароткімі рукавамі адзначаны крыніцамі толькі ў Суражскім павеце Віцебшчыны. Тунікападобныя палатняныя нагруднікі, якія па крою нагадвалі мужчынскія кашулі мары, мардвы, чувашоў і ўдмуртаў 28, не былі характэрны для беларускага жаночага комплексу. На нашу думку, гэты тып адзення прыйшоў на Беларусь з рускімі перасяленцамі з Калужскай губерні, дзе такія пярэднікі пад той жа назвай "шушман" былі шырока распаўсюджаны ў XIX ст.

Беларускія палатняныя фартухі па агульнаму выгляду і па крою вельмі нагадвалі латышскія, эстонскія, асабліва літоўскія і польскія, ад якіх адрозніваліся другараднымі дэталямі - характарам і расфарбоўкай арнаменту, а таксама даўжынёй і шырынёй. (У адрозненне ад польскіх даўжыня беларускіх фартухоў амаль заўсёды супадала з даўжынёй спадніцы).

Тыпалагічная блізкасць беларускіх фартухоў да фартухоў заходніх суседзяў дае падставу меркаваць аб іх паходжанні ад агульнага прататыпа.

У паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі белыя палатняныя або з куплёных тканін фартухі заўсёды ўпрыгожваліся тканым ці вышытым арнаментам. Асабліва разнастайна аздобліваліся фартухі на Палессі. У паўночна-заходніх раёнах фартухі звычайна насілі толькі на працу, таму ўпрыгожваліся яны не так старанна.

Просмотров: 2187