Радкі беларускіх аўтараў пра хлеб
Гэты хлеб для цябе і сястры, еш яго на здароўе. (А. Куляшоў)
Які надзвычайны ў нас хлеб і які
Прыгожы, духмяны бясконца. (М. Танк)
Я помню малады водарны хлеб, які маці вымала з печы. (М. Лупсякоў)
У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. (І. Мележ)
З брыгадай дружнай за працай спорай
І не заўважым, як прыйдзе скора
З духмяным хлебам гарачы поўдзень. (М. Танк)
Няма нічога смачнейшага за свежы хлеб. (У. Караткевіч)
На белым вышываным ручніку -
Адкроеная луста хлеба. (В. Вітка)
І людзі, што пшаніцу, жыта сеюць,
І сонца, што палеткі саграе,
І дождж, і вецер, што над полем вее,
І аграном, што рана устае,
І хлебапёк,
І нават прадаўшчыца;
Камбайны, элеватары, млыны,
І грузавік, што пад дажджом імчыцца, -
Ствараюць хлеб
Для нас усе яны. (П. Панчанка)
Міколка стаў наразаць хлеб на стол. (М. Лынькоў)
Зямны паклон, падзяка і пашана
Ўсім, хто свежым хлебам корміць нас,
Хто кожны колас пестуе старанна,
Хто і арэ і сее ў добры час. (С. Грахоўскі)
Не растуць хлябы, марнуюцца,
Сохне праца ўся вялікая. (Я. Колас)
Звоняць зялёныя струны
Калгасных жытоў і пшаніц. (П. Броўка)
Спачатку ўсёж быў хлеб,
А потым - слова.
Спакон быў чалавечай мовай хлеб,
Пакладзены на стол,
Пароўну разламаны,
Як мудра ён яднаў плямёны,
Свет людзей! (М. Арочка)
Хлеб - ёсць здаўна завядзёнка -
Першы ўзыходзіць на стол.
Бразнула звонка заслонка -
Пах жыццядайны наўкол. (С. Грахоўскі)
Хлеб чорны, хлеб жытні
Я шчыра ўслаўляю-
Смачнейшай яды
Папраўдзе, не знаю. (П. Броўка)
Адценне слоў – не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.
Акраец – шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка – сум, трывога
І боль былой вайны.
Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.
А скіба – дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб – жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
А луста – слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці – сітнае
Ці наздравата-чорнае.
А каравай – вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытным ветры свежым,
І ў звоне каласоў… (П. Панчанка)
Пад потам арэ, барануе і сее,
Каб белага хлеба прыдбаці для вас,
А хто ж з вас яго ў бядзе пажалее?
Паслухалі ж песні яго вы хоць раз? (Я.Купала)
Мы ўсе ведаем чорстваму хлебу цану,
Бо мы выйшлі з таго пакалення, якое
Знала чорныя дні, горкі смак палыну... (М.Танк)
Наш хлеб сумленны — не прыманка,
Хоць ён нялёгка нам даецца (А.Пысін).
Растуць непрыкметна салдацкія дзеці.
Ім хопіць работы на нашай планеце,
Ім хопіць зямлі і блакітнага неба,
Крынічнай вады і духмянага хлеба (С.Грахоўскі).
У непагадзь і ў ясную пагоду
Да болю адчуваю кожны раз:
Мы ўсе з таго няскоранага роду,
Што чыстым хлебам шчодра корміць нас (С.Грахоўскі).
Настаў і час перакусіць.
Успомніў Хлеб Вандроўнік,
Што недзе, кінуты, ляжыць,
Духмяны і цудоўны! (М.Танк).
Навечна будзь благаславёны,
Запрацаваны ў поце хлеб,
Не квашаны і не салёны,
Для важных спечаны патрэб! (П. Броўка)
А ў печы дыхаў наздраваты, чорны,
Замешаны на горкім поце хлеб (С.Грахоўскі).
Дыхне
Засмягласць нівы ў новым хлебе (А.Пысін).
І не было б на стале ў нас
Пахучага хлеба (М.Танк).
Побач красуе —
Ну й малайчына! —
Смачны, жытнёвы,
Мінскі наш, з кмінам (П.Броўка).
Просмотров: 8084